Святкуем 500-годдзе беларускага кнігадруку

У 2017 г. споўніцца 500 гадоў з дня выхаду першай беларускай друкаванай кнігі. Яе выдаў у чэшскай Празе Францішак Скарына з Полацку. Святкаванне юбілею ў Беларусі ўжо пачалося – выставы, канферэнцыі, спецыяльныя выданні. Цяпер далучаецца і Лондан!

Cубота 17 кастрычніка а 14.00-й гадз., заля Беларускай каталіцкай місіі (Marian House, Holden Avenue, London, N12 8HY).

Francis Skaryna

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане запрашае ўсіх на сустрэчу з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам. Падчас сустрэчы адбудзецца перадача факсімільнага выдання Скарынавых выданняў – дар галоўнай бібліятэкі Беларусі для Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Сябры рады Скарынаўскай бібліятэкі раскажуць пра бягучыя праекты гэтай унікальнай для беларускай дыяспары ўстановы, а Алесь Суша – пра святкаванне юбілею беларускага кнігадруку ў Беларусі і замежжы.

Упершыню будуць выстаўленыя разам усе самыя дарагія для беларусаў выданні і рукапісы, якія захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы.

Пачатак а 14-й гадз. у суботу 17 кастрычніка ў залі Беларускай каталіцкай місіі (Marian House, Holden Avenue, London, N12 8HY). Выстава – у памяшканні Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны (37 Holden Road, London, N12 8HS). Святкаванне закончыцца невялікім фуршэтам. Уваход вольны.

Алесь Суша – намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Адна з яго унікальных заслуг – прыцягненне вялікіх беларускіх кампаній і банкаў да мецэнацкай падтрымкі факсімільнага аднаўлення скарбаў кніжнай спадчыны Беларусі: Полацкага і Тураўскага Евангелляў, “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага, выданняў Скарыны і інш.

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане існуе з 1971 г. Створаная на дабрачынныя ахвяраванні, у свой час яна стала галоўным цэнтрам беларусазнаўчых даследванняў у Заходняй Еўропе. Працягвае сваю працу як асветніцкі і навуковы асяродак, і архіў беларускай дыяспары.