90-я ўгодкі ад дня нараджэньня Кастуся Акулы

Кастусь Акула (1925 – 2008) – адна  самых яркіх фігур беларускай паваеннай эміграцыі ў Канадзе. Ён быў вялікім прыяцелем нашай бібліятэкі: перадаваў свае кнігі ў калекцыю і дакументы – у архіў. Ён быў таксама сярод самых шчодрых ахвярадаўцаў: у запісах бібліятэкі з 1981-91 гг. пазначана, што ад Кастуся Акулы з Таронта атрымана больш за £2556.22, што на той час было надзвычай вялікай сумай.

Нью-Йоркская газета “Беларус” апублікавала цікавы матэрыял Алеся Кота з Канады пра Кастуся Акулу да яго 90-х угодкаў. Перадрукоўваем артыкул на нашым сайце з ласкавай згоды рэдакцыі газеты – на знак прызнання і ўдзячнасці Кастусю Акулу і шматлікім дабразычліўцам бібліятэкі з пакалення паваеннай эміграцыі.

Кастусь Акула

Пётр Цімафееў. Партрэт Кастуся Акулы. Арыгінал захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны, Лондан.

16 лістапада, споўнілася 90 год з дня народзінаў Кастуся Акулы – аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады і ягонага першага кіраўніка, пісьменьніка, ляўрэата Прэміі Ф.Багушэвіча, журналіста, грамадзкага дзеяча, аднае з самых адметных постацяў Беларускае эміграцыі. Менавіта з гэтае нагоды Беларуская грамадзкасьць Канады прызначыла лістапад 2015 году месяцам Кастуся Акулы.

Гэтаю лістападаўскаю датаю свайго нараджэньня Кастусь Акула – змагар і патрыёт навечна застаўся зьвязаным з тымі памятнымі падзеямі ў жыцьці нашага народа, якія адзначаюцца штогод ў лістападзе – угодкі Слуцкага паўстаньня і сьвяты для беларусаў дзень памяці продкаў – Дзяды.

Кастусь Акула, радкі з аўтографам

Менавіта з ушанаваньня памяці Кастуся Акулы пад час Дзядоў і пачалося сьвяткаваньне ягонага юбілею.У першы дзень лістапада сябры Згуртавання беларусаў Канады наведалі таронтаўскія могілкі Pine Hills, дзе пахаваны Кастусь Акула. Прыбралі ягоную магілу, аздобілі яе нацыянальнаю сымболікаю. Пасадзілі новыя кветкі — ірысы бессьмяротныя брунатна-чырвонага і белага колераў. Памянулі ўсіх Дзядоў — тых, што ляжаць у Канадзе, і тых, што засталіся ў Беларусі, і ўсіх раскінутых па свеце.

На магіле Кастуся Акулы

А потым, ужо16 лістапада, прыйшлі туды ізноў. Прынесьлі белыя і чырвоныя кветкі, сцягі, ручнікі, Пагоню — усё, што было для яго святым у жыцці. Чыталі ягоныя вершы. Дзяліліся ўспамінамі…

16 лістапада 2015 г. — Дзень народзінаў К. Акулы. Ля магілы справа налева: Старшыня Галоўнае ўправы ЗБК Зміцер Эльяшэвіч; сябра ЗБК Таццяна Эльяшэвіч; сябра ЗБК Ірына Аксёнава, сябра ЗБК, кандыдат гістарычных навук (у мінулым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі) Галіна Сяргеева, сябра ЗБК пісьменьніца Ірына Варабей, Сябра ЗБК Алесь Кот

16 лістапада 2015 г. — Дзень народзінаў К. Акулы. Ля магілы справа налева: Старшыня Галоўнае ўправы ЗБК Зміцер Эльяшэвіч; сябра ЗБК Таццяна Эльяшэвіч; сябра ЗБК Ірына Аксёнава, сябра ЗБК, кандыдат гістарычных навук (у мінулым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі) Галіна Сяргеева, сябра ЗБК пісьменьніца Ірына Варабей, Сябра ЗБК Алесь Кот

А потым беларуская грамада зрабіла маленькую пілігрымку па «акулаўскіх мясцінах» у Таронта. Дом, дзе ён жыў, куды прывёў жонку Надзею, дзе нарадзіліся й выраслі іхнія чацвёра дзяцей — Алесь, Ганна, Альгерд, Юрась. А яшчэ — і гэта сталася сюрпрызам — Іра Варабей прывяла ўсіх у той парк, да тае лаўкі, куды аднойчы даўно прывёз яе дзядзька Кастусь, каб «пакарміць вавёрак», а насамрэч распавесці ёй, як тут, на гэтай лаўцы, 40 гадоў таму (цяпер ужо болей за 50) пісалася (набіралася на ручной друкарцы) трылогія «Гараватка». Зноў дзяліліся ўспамінамі, але збольшага пасядзелі моўчкі, як бы адгукаючыся на ягоныя колішнія запросіны:«…Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляванні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць святыню маей адзіноты … Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. З якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагоддзя? Прызнаюся вам, люблю звяртацца да тых, што пасля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне ж, з адлегласці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: праз мяне вы можаце зазірнуць у мой свет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў…» (Кастусь Акула )

У нядзелю, 22 лістапада, у гонар юбілею ў Беларускім цэнтры ў Таронта адбылася ўрачыстая акадэмія.

Akula4

Зала Беларускага цэнтру ў Таронта. На стале – выстава твораў К. Акулы, ягоныя здымкі розных гадоў

Распачаў урачыстасьці старшыня Галоўнай управы Згуртаваньня беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч. Ён адзначыў ролю й месца юбіляра ў гісторыі беларускае паваеннае эміграцыі ў Канадзе.Пакінутае Кастусём Акулам у спадчыну сталася найістотнейшым унёскам у справу мацавання Беларушчыны не толькі ў Канадзе, але й ва ўсім Заходнім свеце. Кастусь Акула застаўся ў нашай памяці найперш як чалавек адданы сваёй Радзіме-Беларусі. Так, Канада стала яго домам, і ён пра тое неаднойчы казаў. Аднак уражвала ягоная любоў да Беларусі, цікавасць да ўсяго, чым жыла Бацькаўшчына. Ён з велізарнаю павагаю ставіўся да беларускага слова, і вельмі цешыўся, калі яшчэ адна беларускамоўная асоба з найноўшае іміграцыйнаe хвалі завітвала ў наш Беларускі цэнтр.

Зміцер Эльяшэвіч

Алесь Кот распавёў пра перыяд канца 40-х гадоў мінулага стагоддзя, калі групаю беларусаў з ліку тых, што прыехалі па кантрактах у Канаду з Вялікае Брытаніі, сталася закладзенаю першая беларуская нацыянальная арганізацыя ў Паўночнай Амерыцы, што атрымала назоў ”Згуртаваньне беларусаў у Канадзе”.

Расцярушаныя па велізарных абшарах Канады, беларусы напачатку не мелі аніякіх магчымасцяў дзеля наладжвання стасункаў паміж сабою. Былы жаўнер Другога корпусу арміі Андэрса, малады хлапец Кастусь Акула добраахвотна ўзяў на сябе цяжар скамунікаваць і сабраць разам колькісь сьведамых суродічаў праз выданьне і рассылку першае ў Паўночнай Амерыцы беларускае газэты ”Беларускі Эмігрант”.

Друкаванае слова разыходзілася па сьвеце й атрымоўвала першыя водгукі, ўсё больш і больш прыцягваючы ўвагу беларускага люду, з-за вайны вымушана пакінуўшага Бацькаўшчыну. Так, 23 сакавіка 1948 г. рэдакцыя атрымала ліст з Гальштаду, Швецыя, у якім сказана й наступнае:

”… Мая Вам вялікая ўдзячнасьць за тры экз. ”Беларускага Эмігранта”. Так склалася, што надовечы быў у нас праездам у Штокгольм Сп. Прэзідэнт М. Абрамчык. Вось-жа ён прачытаў рэдагаваны Вамі часапіс ад першае да астатняе балонкі і выказаўся дужа пахвальна як аб зьмесце ”Беларускага Эмігранта”, так і аб ягоным афармленьні. У гэтым лісьце на спробу шлю Вам 1 дал. Няхай расьце і развіваецца Ваш заакіянскі часапіс, — мы са Старога Сьвету будзем яму памоцным чым і як мага…”

Ваш А.О.”

Кастусю Акулу тады было 22 гады.

Прамаўляе Алесь Кот

Прамаўляе Алесь Кот

Прамоўца таксама прадэманстраваў прысутным у зале гістарычны Камунікат Часовае Галоўнае Ўправы закладваемае арганізацыі і агучыў першую тэзу гэтага дакумента:

”… 28-га лістапада 1948 г. на Сходзе беларусаў у Таронта, скліканым Ініцыятыўнай Групай да арганізаваньня беларусаў у Канадзе, было пастаноўлена ўтварыць беларускую нацыянальную арганізацыю ў Канадзе п. наз. ”Згуртаванне Беларусаў у Канадзе” /З.Б.К./. Выбрана спаміж сяброў сходу Часовая Галоўная Управа ў наступным складзе:

Старшыня – К. Акула

Заст. Стар. – Б. Аранскі

Сакратар – М. Пашкевіч

Скарбнік і рэф. дапамогі – Я. Пітушка …”

Увага аўдыторыі была засяроджана на тым, што словы ”беларус”, ”беларускі” у адным толькі першым сказе гэтага асноватворчага дакумента ўзгадваюцца чатыры разы, а ва ўсім аднобачынкавым тэксце камунікату – восемнаццаць(!) разоў. Навошта? Каб ні ў кaгo не засталося сумненьняў, якога кшталту закладваецца арганізацыя. Не прыхільнікаў Беларушчыны, не сяброў Беларусі, не аматараў беларускага слова, але менавіта арганізацыя БЕЛАРУСАЎ. Бо калі прыцісне і прыйдзецца сур’ёзна змагацца за сваё, за беларускае, то па вялікім рахунку і на ”прыхільніка”, і на ”аматара”, калі яны небеларускага паходжання, спадзяваньні квёлыя.

Кастусь Акула

Узгадвалася і яшчэ пра некаторыя тэмы, што сьціпла абмінаюцца ўвагаю падчас расповяду пра грамадзка-палітычную дзейнасьць Кастуся Акулы. А, менавіта, пра Камітэт сувязі былых беларускіх ветэранаў, які ён ўзначальваў.

Першая сусьветная сустрэча беларускіх ветэранаў адбылася 17-18 жніўня 1974 году ў Манчэстэры, Вялікая Брытанія. Удзельнічалі ў ёй былыя беларускія вайскоўцы з пяці краінаў: Аўстраліі, Вялікае Брытаніі, Іспаніі, Канады й Францыі. Мэтаю сустрэчы было святкаванне 30-х угодкаў Беларускае краёвае абароны і ўшанаванне памяці тых беларусаў, што змагаліся й аддалі сваё жыцьцё за волю Бацькаўшчыны. Згодна з рашэннем удзельнікаў сустрэчы й пачалося выданьне часапісу беларускіх ветэранаў ”Зважай”, галоўным рэдактарам якога быў ізноў жа Кастусь Акула. Часапіс стаўся магутным ідэалагічным рупарам беларусаў замежжа, годным выданнем, што прыйшло на зьмену газэце ”Беларускі Эмігрант”.

На працягу колькісь гадоў Кастусь Акула ўваходзіў у склад Рады БНР, з’яўляўся прадстаўніком Рады ў Канадзе.

Маючы на руках невылечна хворых жонку і трох дзяцей, працаваў на вытворчасьці, займаўся разнастайнай грамадзкай дзейнасьцю і пры ўсім гэтым знаходзіў магчымасьць пісаць, выдаваць і дапамагаць у гэтай справе іншым.

Калі ў 1988 годзе паўстаў Беларускі Народны Фронт, Згуртаванне беларусаў Канады не вагалася з вызначэньнем свае пазіцыі адносна дачыненьняў з новапаўсталай у Беларусі палітычнай сілай, але адразу ж зразумела, што тыя надзеі на вяртаньне Бацькаўшчынаю свае незалежнасьці, якія натхнялі беларускую эміграцыю ў першыя 10—15 паваенных гадоў, і сталіся страчанымі з пачаткам перыяду так званага мірнага суіснаваньня Захаду з Усходам, атрымоўваюць магутную падпітку, права на новае жыцьцё. Навязваньне стасункаў з Фронтам, зарганізаванне візыту ў Канаду дэлегацыі БНФ на чале з ягоным старшынём Зянонам Пазьняком, кантакты паміж кіраўніцтвам абедзвюх арганізацыяў, усебаковая дапамога першай рэльнай апазіцыйнай існуючай у Беларусі камуністычнай уладзе сілай. Кастусь Акула й тут праявіў сябе як адданы беларускі патрыёт, моцна дапамогшы Фронту матэрыяльна.

Далей Алесь Кот зачытаў успаміны вядомых асобаў з розных куткоў свету, адмыслова падрыхтаваныя імі да ўрачыстасцяў у Канадзе з нагоды 90-годдзя народзінаў Кастуся Акулы: сярод іх — Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Атава, Дырэктара Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў ЗША доктара Вітаўта Кіпеля, Нью-Ёрк, пісьменніка Уладзіміра Арлова, Менск, краязнаўцы Ігара Бараноўскага, Берасьце, Старшыні КХП-БНФ ”Адраджэньне” Зянона Пазьняка, Варшава.

З успамінаў Івонкі Сурвіллы:

”..Усе мы ведаем пра талент гэтага вялікага беларускага патрыёта. Ведаем пра ягоныя, часам вельмі адважныя выступленьні, — як прыкладам у 1967 годзе на Сусьветнай выставе ў Манрэалі. …Але, магчыма не ўсе ведаюць пра ягоную шчодрасьць. А гэта — велізарная якасьць чалавека.

Кастусь не меў машыны. Не меў, бо вырашыў, што грошы, якія яна каштавала б — больш прыгадзіліся ў Беларусі. Кожны месяц высылаў частку свае пенсіі ў Беларусь. Адным памагаў, другім ахвяраваў на розныя ініцыятывы.

Кастусь Акула заўсёды быў часткаю нашае беларускае сям’і ў Канадзе. Калі жаніўся ягоны сын Юрка ў Фларыдзе, — і бацькоў яго ўжо не было між намі, — запрасіў мяне на вясельле, бо я была, як і кожны з нас, часткаю яго беларускае сям’і. Для мяне было гонарам прысутнічаць на вясельлі сына Кастуся”.

Уладзімер Арлоў, голас якога па тэлефоннай лініі праз узмацняльнік чула ўся заля Беларускага цэнтру:

”… За акіянам Кастусь Акула рэдагаваў газету «Беларускі эмігрант», часапіс беларускіх ветэранаў ”Зважай”, супрацоўнічаў са славутым парыжскім «Континентом».

У 1962-м пабачыў свет першы раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», які ў 1994-м быў перавыдадзены ў Беларусі і некалькі месяцаў займаў найвышэйшыя радкі ў сьпісах айчынных бестсэлераў, адкуль потым перавандраваў у складзены «Нашай Нівай» пералік 100 найбольш папулярных беларускіх кнігаў ХХ стагоддзя. Пяру Кастуся Акулы належыць цэлая бібліятэка, дзе адметная месца займае аўтабіяграфічная трылогія «Гараватка».

Ён шчодра падтрымліваў нашы незалежныя выданні. Любіў рабіць падарункі, прычым гэта заўсёды былі карысныя й патрэбныя рэчы. Чаравікі зь неверагодна трывалай валовай скуры, прывезеныя мне на пачатку 1990-х, я абуваю й цяпер…”

З успамінаў Зянона Пазняка.
«Я ўдзячны Богу…»

Я пазнаёміўся з Кастусём Акулам у красавіку 1991 года ў Таронта. Тады дэлегацыя дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якую я ўзначальваў, на працягу месяца гасьцявала з палітычным візытам па запрашэньні беларускіх арганізацыяў у ЗША і Канадзе. Гэта быў першы візыт беларускай антыкамуністычнай апазыцыі за мяжу (яшчэ існаваў камуністычны Савецкі Саюз). Візыт быў важны для абодвух бакоў — для Фронта і для беларускай эміграцыі. Пра гэта было шмат тады напісана. Адтуль распачаліся сталыя кантакты Фронта з эміграцыяй.

Я застаў яшчэ шмат каго зь вядомых беларускіх афіцэраў, ваяроў з немцамі, удзельнікаў вялікіх бітваў. Некаторыя нават дэманстравалі выпраўку. Сяргей Гутырчык, напрыклад, на прыёме ў Беларускім цэнтры ў Саўт-Рывэры (ЗША) падыйшоў, стукнуў абцасамі па стойцы «зважай!», прадставіўся і «далажыў» пра сябе.

Потым была Канада. Першае маё ўражаньне ад Кастуся Акулы — гэта ваяр, жаўнер. Ён гаварыў гучна, наўпрост і пра галоўнае. А галоўнае — гэта Беларусь, незалежнасьць і свабода. Мы, дэпутаты, Фронта, хадзілі разам зь ім у ратушу да мэра Таронта з візытам. А перад ратушай на высокім флагштоку якраз вісеў Беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэта спадар Кастусь пастараўся дамовіцца да 25-га Сакавіка. І мэр Таронта тады, дзякуючы Кастусю Акулу, быў добрым сябрам беларусаў Канады.

Я на той час не чытаў твораў пісьменьніка (не існавала магчымасьці), але мы шмат пра што пасьпелі пагаварыць, не ўдаючыся ў сантымэнты. Увогуле, гэта мацнейшы пісьменьнік эміграцыі. Кастусь Акула здаваўся мне суровым, адкрытым і нават крыху грубаватым, але я адчуваў, што гэта чалавек-глыба, асоба моцнага духу.

Вярнуўшыся ў Менск, месяцы праз два-тры я, раптам, атрымліваю пасылку з Канады. Напісана, што адпраўнік К. Акула. Зьдзіўлены, я адчыніў скрынку. Там былі крупы, цукар, мука, вермішэль, кансэрвы і ўсялякія прадукты. Тыя прадукты не былі на той час для мяне такімі патрэбнымі, але вось тады я зразумеў, што лёс пазнаёміў мяне з сапраўдным беларусам, з ваяром, гатовым моўчкі падставіць плячо. У той час сапраўды былі матэрыяльныя цяжкасьці, галаднавтыя для многіх гады ў Беларусі. Акула ведаў пра тое і ня толькі мне, шмат каму з фронтаўцаў па-сялянску пасылаў пасылкі з прадуктамі, нібы гэта былі не 90-я, а цяжкія 40-я. Маўляў, трымайцеся, хлопцы!

Я чуў ад дасьведчаных людзей пра цяжкае сямейнае становішча Акулы (хворая жонка і дзеці). Казалі, што ягоны быт — гэта пакутлівае і вялікае выпрабаваньне. Але Акула маўчаў. Ніхто не павінен быў ведаць пра яго бяду.

Бывала вечарам спадар Кастусь не вытрымліваў напружаньня, піў гарэлку. І тады яму хацелася з кімсьці пагаварыць, хоць пра што. Ён набіраў нумар тэлефона і званіў. А была ўжо ноч.

Я ў дзьве гадзіны ночы, тады ў эміграцыі ў 90-х, амаль ніколі яшчэ ня спаў. Трэба было шмат пісаць, адсылаць матэр’ялы праз факс, гаварыць па тэлефоне. У Менску якраз была раніца.

Часам гучэў званок і ў слухаўцы — знаёмы голас Кастуся Акулы. Ведаючы, што гаворка будзе доўгай, я клаўся на ложак, прыціскаў вухам слухаўку і слухаў, устаўляючы рэплікі, бывала да раніцы.

Справа ня ў тым, што я ўсё разумеў, што адбываецца з маім субяседнікам, мне цікава было таксама яго паслухаць. З усяго, што казаў Кастусь Акула, мне найбольш запомніліся (і ўразілі) два ягоныя выказваньні.

— Ведаеш, я шчасьлівы чалавек, я прайшоў вайну, быў пад Монтэ-Касына. Колькі маіх сяброў пабіла, пакалечыла, а мяне хоць бы драпнула. Ніколі нават ня раніла. Як я ўдзячны Богу і хачу сваім жыцьцём аддзячыць Яму.

І другое.

— Ведаеш, каб ты ўбачыў як я жыву…, ня ведаю, пэўна мала б хто тое вытрымаў. Але я так ўдзячны Богу за гэтае жыцьцё. Як Бог дае, то, відаць, для мяне гэтак і трэба быць, так і добра. Я ж так маліўся на вайне, каб застацца жыць…, жыць для Беларусі.

Аднойчы спадар Кастусь, відаць, стаміўся гаварыць і замаўчаў. Пасьля доўгай маўчанкі голас:

— Зянон, ты — чалавек. Дзякуй табе, што ты мяне выслухаў. Дзякуй табе.

Мяне тое скаланула. Як важна было для яго выгаварыцца і каб нехта яго пачуў. Але ніколі ён не казаў пра сваю бяду, ня жаліўся, не бедаваў. Ён нішчыў словамі ворагаў Беларусі. Яму трэба было вяваць.

З успамінаў доктара Вітаўта Кіпеля:

”… Кастусь Акула актыўна папулярызаваў кнігі БІНІМу ў Паўночнай Амерыцы. Майстраваў іх выставы у Альберце, Ванкуверы (Канада), Чыкага, Дэтройце (ЗША). Лётаў, ездзіў па Паўночнай Амерыцы за свае грошы. Гатэлі, харчаванне ў дарозе. Нятанная грамадская дзейнасць.

Падчас працы над ”Змагарнымі дарогамі” К. Акула сьпецыяльна прыязджаў у Нью-Ёрк прачытваць даклады пра хаду працы, дыскутаваў з Францішакам Кушалем наконт эпізодаў кнігі пра Беларускую краёвую абарону, афіцэрскую школу БКА.

К. Акулам падрыхтавана і напалову прафінансавана ($4,000 з ягонае кішэні) рэпрадукцыя ”Псалтыра” Францыска Скарыны, выданага ў Вільні ў 1522 г. І навогуле ягонаю традыцыяй стала дапамагаць з рэалізацыяй тых выдавецкіх праектаў БІНІМу, у якіх ён актыўна ўдзельнічаў. Звычайна 50% выдаткаў на тыя праекты ён пакрываў сам.

З успамінаў краязнаўцы Ігара Бараноўскага з Берасьця:

”… Мы з сябрамі навязалі кантакты з канадыйскімі беларусамі, абменьваліся інфармацыяй, друкаванымі выданнямі. Сярод іншых мы пачалі атрымліваць з Канады і часапіс беларускіх ветэранаў «Зважай», рэдактарам якога быў Кастусь Акула. З часам ён даслаў нам і свае кнігі «Змагарныя дарогі», «Гараватка», «За волю», напісаны па-англійску раман «Tomorrow is Yesterday («Заўтра — гэта ўчора»). Надзвычай цікава было чытаць аўтабіяграфічны раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», бо апісанае ў ім сталася абсалютна новым і невядомым для большасьці з нас. Гэтая кніга, як і іншыя ягоныя творы, хадзіла па руках. Асабліва цікавілася моладзь. Таму потым папрасілі Кастуся Акулу, каб ён, па магчымасьці, даслаў яшчэ адзін камплект сваіх кніг — адмыслова для надзвычайна папулярнае ў тыя часы бібліятэчкі ў сядзібе Берасцейскай абласной Рады БНФ, каб больш людзей змаглі пазнаёміцца з ягонымі творамі…”

Перад аўдыторыяй з прамоваю выступіла ганаровы сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады пісьменьніца Вольга Іпатава.

Вольга Іпатава

”… Сёння, праз колькі гадоў, якія прайшлі з дня сьмерці Кастуся Акулы, можна з упэўненасьцю падцьвердзіць, што ён – найбуйнейшы пісьменьнік беларускага замежжа. Пра гэта яшчэ амаль чвэртку стагоддзя таму ўпершыню заявіў дасьледчык Мікола Мішчанчук у сваёй кнізе «Літаратура беларускага замежжа», якая выйшла пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі і Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка ў 1993 годзе.

… Мабыць, ні адзін з пісьменьнікаў замежжа не падвяргаўся праз усе свае гады такому цкаваньню са сваёй Радзімы, як гэты чалавек, які яшчэ ў маладосьці прысягнуў служыць Беларусі і слова гэтае стрымаў. Яго зьдзекліва высмейвалі, пастаянна аблівалі брудам, шантажавалі родных, што засталіся на Глыбоччыне.

Яго закляймілі некалі (а менавіта ў «Голасе Радзімы», №42 за 1966 год), найлепшыя і на той, і на гэты час беларускія пісьменнікі – ягоныя, можна сказаць, калегі. Горка і балюча і сёння чытаць словы, некалі, вядома ж, прадыктаваныя пісьменьнікам зьверху і адрасаваныя не толькі К. Акулу, але і Ст. Станкевічу, Р. Крушыну, Ю.Віцьбічу: «Не вам і не вашым хаўруснікам гаварыць пра літаратуру, якая сьцвярджае вялікія ідэі сапраўднай чалавечнасці, не вам гаварыць пра волю і справядлівасьць. Прадаўшыся адзін раз, цяжка, відаць, утрымацца, каб не прадацца і другі». Але як крыўдна, як невыносна цяжка было, думаецца, чытаць іх калісьці самому Кастусю Акулу, які ў той час працаваў рабочым і творы свае пісаў ў нешматлікія вольныя хвіліны.

Але час мяняецца і паціху ставіць усё на свае месцы. Рада беларускіх пісьменнікаў абрала К. Акулу ( а таксама В. Кіпеля і Я. Запрудніка) сваімі ганаровымі сябрамі, кнігі нашых замежных калег і паплечнікаў па літаратуры выходзяць нават у сённяшняй Беларусі, хай сабе і не ў дзяржаўных выдавецтвах.

У літаратуры ёсць свая асаблівасць – творы перажываюць свайго стваральніка, жывуць і пасьля ягонай смерці.

Кастусь Акула паўстае ў нашай памяці як жывы, дзейсны пісьменнік. Яго творы перачытваеш, нанова перажываючы разам з імі нялёгкія шляхі беларуса, што апынуўся на чужыне і не зламаўся, не забыўся на роднае, больш таго – акумуляваў ў сабе вопыт свайго часу…»

Гаспадыня канадыйскае дызайнерскае кампаніі ”Spirit of Belarus” пісьменьніца Ірына Варабей прачытала сваё эсэ ”Кастусь Акула — Беларус, Жаўнер, Пісьменьнік, Змагар…”, напісанае яшчэ ў лютым 2008 года адмыслова на саракавіны па Кастусю Акулу. У ім, у прыватнасьці, было сказаным наступнае:

«… Ён хацеў ваяваць і быў гатовы аддаць жыццё за свой край і ягоную гісторыю, але апынуўся далёка ад яго. Ён быў жаўнерам, і хвалі вайны матлялі яго без ягонага дазволу.

І прышоў той дзень. І надышла тая ноч ў далёкай Італіі, калі ў адзіноце, у казарме польскага корпусу брытанскай арміі, куды расфармавалі кадэтаў афіцэрскае школы Беларускае краёвае абароны, – залічылі туды як палякаў, бо «няма» такое краіны Беларусь, і «няма» такога народу беларусы — пасталелы не па гадох юнак прысягаў шэптам сваёй радзіме — Беларусі.

«Імем зямлі сваёй, маткі і ўсімі святымі прысягаю выкарыстаць рэшту жыцця свайго, не пашкадаваць сілаў, каб у будучыні служыць адно народу свайму, пакрыўджанаму й паняволенаму…»

Ён зразумеў, што змагацца за свой край можна і за краем яго.

Будучыня. Няведамая далячынь…

«Час такі — ліха на яго!» Ніці якога лёсу спрадаюць табе Судзяніцы?..

«Ці паверыш. Бабка адна была наваражыла мне, што пражыву жыццё вельмі доўгае, але турбулентнае…» Бабка ні ў чым не памылілася. … Ён быў абраны, каб зрабіць тое, што зрабіў, і ніхто іншы гэтага не зрабіў. Цяпер ужо няведама, ці ён заслужыў абранасць, ці быў ад роду наканаваны служыць. Шляхі Найвышэйшага нам няведамыя. Судзяніцы аберагалі ягонае жыцьцё ў самых неверагодных абставінах. Ён дакладна ведаў, для чаго. Каб выканаць сваё жыццёвае прызначэнне: пакінуць гісторыі й літаратуры адзіны, маштабу эпапэі, твор, што занатуе пакутны шлях на захад Беларускае краёвае абароны і ўсяго вызвольніцкага руху трагічных 40-х. І яшчэ — гісторыю Беларусі першае паловы ХХ ст., што перажыла тры акупацыі, зрабіўшыся полем брані паміж двума гіганцкімі драпежнікамі.

Прысязе, дадзенай у адзіноце ў тую гарачую італьянскую ноч у польскай казарме, застаўся верным да канца свайго доўгага і турбулентнага жыцця, апошняй думкай якога было — Беларусь…”

Ірына Верабей

Скончыла сваю прамову Ірына Варабей словамі, што Кастусь Акула быў для яе не проста ”дзядзькам Кастусём”, але нават ”бацькам”, што ён стаўся першым чалавекам, хто сустрэў яе ў Беларускім цэнтры ў Таронта, а яна сталася апошняй з беларусаў, каго ён бачыў і з кім размаўляў у сваім жыцьці.

Потым прамоўца пракаментавала змайстраванае ёю слайд-шоу ”Па Акулаўскіх мясцінах” і некаторыя рэдкія здымкі Кастуся Акулы са свайго прыватнага архіву.

Напрыканцы імпрэзы ейныя ўдзельнікі паглядзелі відэастужку пра дзядзьку Кастуся з архіву Вольгі Іпатавай. Расчуліліся

Сярод ягоных партрэтаў рознага веку, зноўку патрымалі, пагарталі ягоныя кнігі і цэльныя падшыўкі ягонай газеты ”Беларускі Эмігрант”, часапісу «Зважай”. Хтосьці набыў перакладзены з англійскае мовы на беларускую Ірынай Варабей і выдадзены ў 2008 годзе ў серыі ”Бібліятэка Бацькаўшчыны” раман К. Акулы ”Заўтра ёсць учора”…

29 лістапага падчас адзначэння Дня Герояў у Беларускім цэнтры ізноў было ўзгадана імя Кастуся Акулы, які праз свае выданні неаднаразова годна выказваўся пра случчакоў, што паўсталі на смяротны бой з расейскаю камуністычнаю навалаю, неаднаразова сам асабіста стаяў у ганаровай варце са схіленым бел-чырвона-белым сьцягам падчас адзначэння Слуцкага Збройнага Чыну. З лістападаўскага 1977 года выпуску рэдагаванага Кастусём Акулам часапісу ”Зважай” сталіся агучанымі наступныя радкі:

”… У кожны лістападаўскі Дзень Герояў мы, на эміграцыі, чытаем сімвалічную лісту нацыянальных Герояў. Іх шмат і, безумоўна, усіх згадаць нельга. Але ў сваіх малітвах да Бога і ў гутарках на ўрачыстасцях мы думаем пра ўсіх. Яны — частка нашае вялікае, змагарнае гісторыі, непакорнага народнага духу і вечна жыць будуць з намі. Мы ведаем, што народ, які змог даць такіх выдатных людзей, ніколі не загіне, ён здабудзе сабе волю».

У звароце да суродічаў з нагоды 95-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла казала: ”… Ісці змагацца ім [случчакам] было цяжка — як гэта было б сёньня вам. Але яны ўсё ж пайшлі…”

20-гадоваму кадэту польскае афіцэрскае школы ў Вялікай Брытаніі Кастусю Акулу таксама было няпроста прыняць рашэнне ў той час, калі эміграцыйная польская ўлада малявала яму, грамадзяніну Польшчы, ружовыя жыццёвыя перспектывы, але з перадумоваю пайсці пад касьцёл і запісацца палякам. Беларус Кастусь застаўся беларусам, абраўшы сваім шляхам змаганне за Свой Край — Беларусь і паклаўшы на алтар таго змаганьня ўсё сваё жыцьцё.

Час ідзе. Але разам з намі, побач, заўсёды наш Кастусь Акула. Мы сумуем па ім…

Алесь Кот, Канада