Бібліятэкі і беларусы за мяжой – з кангрэса бібліятэкараў ў Мінску

21-22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску адбыўся III Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”.

Сёлета на бібліятэчным кангрэсе была прадстаўлена і лонданская Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны. Сакратар бібліятэчнай рады, Ігар Іваноў, узяў удзел у некалькіх секцыях кангрэса і сустрэўся з прадстаўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі для наладжвання супрацоўніцтва паміж галоўнай бібліятэкай краіны і беларускай бібліятэкай у Лондане ў такіх сферах як дакументаабмен, развіццё лічбавых рэсурсаў, прадастаўленне даступу да айчынных інфармацыйных рэсурсаў суайчыннікам у замежжы і іншым карыстальнікам па-за межамі краіны, выставачная дзейнасць, напаўненне бібліяграфічных рэсурсаў і тэхналагічная дапамога.

На пленарным пасяджэнні Кангрэса. Здымак Яўгеніі Красавцевай.

На пленарным пасяджэнні Кангрэса. Здымак Яўгеніі Красавцевай.

Падчас круглага стала на тэму інфармацыйнага абслугоўвання замежных карыстальнікаў быў агучаны даклад пра Скарынаўскую бібліятэку – яе гісторыю, сучасныя прыярытэты і магчымасці супрацоўніцтва з бібліятэкамі Беларусі. Ігар Іваноў прапанаваў разглядаць беларускую дыяспару як патэнцыйнага партнёра бібліятэк і іншых арганізацый у самой Беларусі. Cуайчыннікі ў дыяспары часта з’яўляюцца добра абазнанымі ў мове, культуры і рэчаіснасці тых краін, дзе праца беларускіх устаноў можа быць запатрабаванай. Яны таксама адчуваюць патрэбу заставацца часткай беларускай нацыі і захоўваць сваю ідэнтычнасць. Варта, аднак, быць рэалістамі: большасць устаноў дыяспары існуюць на валанцёрскіх пачатках.

На пасяджэнні круглага стала. Здымак Яўгеніі Красавцэвай.

На пасяджэнні круглага стала. Здымак Яўгеніі Красавцэвай.

Выступоўца адзначыў, што ў сітуацыі, калі сусветны фокус змяшчаецца з Еўропы ў бок Кітая, часткі арабскіх краін і Азіі наогул, а Беларусь не мае адпаведніка Інстытута Гётэ, Польскага інстытута і пад., беларусам – незалежна ад вызнаваных ідэалогій і каштоўнасцяў – як ніколі трэба клапаціцца пра папулярызацыю ўласнай спадчыны за мяжой, бо ніхто іншы за нас гэтага не зробіць.

Глядзі таксама:
Кангрэс на Фэйсбуку
Рэпартаж на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Здымкі Яўгеніі Красавцевай

Creative Commons License
The text is licensed under a Creative Commons Attribution 4.0 International License.