Пра з’яўленне Беларусі на сучаснай мапе Каталіцкай Царквы

70 гадоў таму выйшла энцыкліка папы Пія ХІІ Orientalis omnis з нагоды 350-х угодкаў Берасцейскай уніі. Вось што пра беларускую публікацыю энцыклікі напісаў а. Аляксандар Надсан:

“У Рыме а. Гарошка, атрымаўшы дазвол ад Усходняй Кангрэгацыі, пачаў працу над беларускім малітаўнікам Божым шляхам, які выйшаў на пачатку 1946 году. На той год прыпадалі 350-я ўгодкі Берасьцейскай Вуніі 1596 году. З гэтай нагоды папа Пій ХІІ выдаў 25 сьнежня энцыкліку Orientalis omnis. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласьці энцыкліку на беларускую мову. Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны ХХ стагодзьдзя, лацінскае слова “Rutheni” (рускія) перакладалася як “беларусы і ўкраінцы”. Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная. Да айца Гарошкі ў Рым прыяжджала даволі шмат беларускіх сьвятароў і студэнтаў, але ніводзін зь іх не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю з сваімі патрэбамі і памкненьнямі. Можна сьмела сказаць, што назоў “Беларусь” зьявіўся на царкоўнай мапе дзякуючы айцу Льву Гарошку.” (Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. – 2004, ст. 66.)

Вокладка беларускага выдання

Вокладка беларускага выдання

Дзеля дакладнасьці варта заўважыць, што арыгінальны тэкст энцыклікі быў апублікаваны 23 сьнежня 1945 г., а ягонае беларускае выданньне – на наступны год.