Як развіваўся беларускі біблейскі пераклад?

Улетку госцем Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане быў ксёндз Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў мястэчку Друя, што на мяжы з Латвіяй. Ксёндз Сурыновіч – біблеіст, вядомы сваімі даследаваннямі ў галіне біблійных перакладаў, а таксама публіцыст і паэт. Мы распыталі яго пра мэты візіту і яго вынікі. Яго адказы здзівілі і парадавалі.

Кс. Сяргей Сурыновіч з фрагментам выдання Францішка Скарыны з калекцыі бібліятэкі

Кс. Сяргей Сурыновіч з фрагментам выдання Францішка Скарыны з калекцыі бібліятэкі

 У Лондане я ўжо другі раз. Летась выступіў тут з дакладам для суайчыннікаў пра беларускія пераклады Бібліі ў ХХ стагоддзі. Яшчэ да прыезду я чуў пра бібліятэку і нават карыстаўся яе матэрыяламі, якія для мяне капіявалі іншыя карыстальнікі Скарынаўкі. А калі дабраўся да Лондана сам, то зразумеў, што тут ёсць больш, чым я нават чакаў знайсці. Напрыклад, я натрапіў на перапіску перакладчыка Бібліі Янкі Станкевіча з біскупам Чэславам Сіповічам, у якой яны абмяркоўвалі метадалогію біблійнага перакладу і беларускую біблійную лексіку. Сярод тых лістоў ёсць адзін, дзе Станкевіч, магчыма, упершыню, выкладае свае прынцыпы словаўтварэння. Яго мова арыгінальная, часам яе называюць метамовай. І вось у гэтым лісце можна ад самога аўтара даведацца пра метадалагічныя прынцыпы, якімі ён карыстаўся. Лісты чакаюць свайго даследчыка, яны будуць выдатным матэрыялам для цікавай навуковай працы таму, хто возьмецца іх прааналізаваць. Найперш, бадай, гэта праца для лінгвіста, а не біблеіста.

Навучаны досведам, гэтым разам я прыехаў з чаканнем адкрыцця – з эмоцыямі, з якімі, мабыць, выпраўляўся Калумб у сваё падарожжа. І мае чаканні спраўдзіліся. Я знайшоў машынапіс перакладу Новага Запавету (акрамя першых пяці кніг) кс. Чарняўскага. Гэты тэкст і раней быў даступны ў інтэрнэце, пазначаны як арыгінал, але калі я параўнаў тэксты, то аказалася, што яны трошкі розняцца. Той, хто выставіў тэкст у інтэрнэт, папярэдне адрэдагаваў яго. У Скарынаўцы ж можна пабачыць пераклад такім, якім зрабіў яго сам аўтар.

У ХХ стагоддзі наша традыцыя біблійных пракладаў развівалася вельмі бурліва. Усё напэўна пачыналася ад 1912 года, ад перакладаў евангельскіх урыўкаў і казанняў Ільдэфонса Бобіча. Да Другой сусветнай вайны было багата зацікаўленасці ў перакладах у пратэстанцкім асяродку (Лукаш Дзекуць-Малей), таксама сярод каталікоў (Адам Станкевіч, Ільдэфонс Бобіч, Вінцэнт Гадлеўскі). Пасля ж вайны ў Беларусі ўтварылася пройма, біблійнае маўчанне, якое трывала, аж пакуль кс. Уладзіслаў Чарняўскі не пачаў рабіць свой пераклад. Гэты перыяд 1940-60-х гадоў, калі біблеісты Беларусі маўчалі, быў цалкам плённы для нашай дыяспары. Святары Леў Гарошка і Язэп Германовіч рабілі пераклады ў Лондане, кс. Пётра Татарыновіч працаваў у Рыме, у ЗША – Янка Станкевіч, перакладалі таксама Ян Пятроўскі і Леанід Галяк. Гэтая традыцыя была працягнутая ў 1970-я перакладамі Клышкі і Сёмухі, а пазней – працай літургічных камісій Цэркваў у Беларусі.

Часам ствараецца ўражанне, што беларускія перакладчыкі і біблеісты перакананыя, што пачынаюць працу на пустым месцы, а гэта вялікая памылка. Каб новы, сучасны пераклад Бібліі адгукнуўся на патрэбы сучаснікаў, трэба ўлічыць усе папярэднія спробы і будаваць яго не толькі на дасягненнях сучаснага навуковага свету – што, безумоўна, вельмі важна, – але і на спадчыне папярэднікаў. Нават калі гэта быў пераклад усяго толькі адной кнігі – гэта досвед, варты вывучэння. А такіх перакладчыкаў у ХХ стагоддзі набіраецца амаль два дзясяткі. Гэта, дарэчы, шмат, асабліва ў параўнанні з нашымі суседзямі: у тых жа літоўцаў і палякаў вопыт біблійнага перакладу ў мінулым стагоддзі меншы, чым у беларусаў. На жаль, большасць перакладаў былі забытыя або праігнараваныя, таму дагэтуль недастаткова ўведзеныя ў навуковы ўжытак.

Аднак трэба аддаць належнае і таму факту, што ўжо не адзінкі працуюць над вяртаннем нашай біблійнай спадчыны – цяпер гэта ўжо сапраўдны працэс. Усіх намаганняў тут не пералічыш, агучу два праекты, да якіх я маю дачыненне. У 2004 г. я сабраў валанцёраў у розных месцах Беларусі, і мы чатыры гады аблічбоўвалі, вычытвалі і набіралі вядомыя нам тады тэксты біблійных перакладаў. Вынікі гэтай працы даступныя на сайце “Часасловец” а. Аляксандра Аўдзеюка, які таксама зрабіў вялікую працу па аблічбаванні тэкстаў і склаў бібліяграфіі перакладчыкаў. На аснове гэтых тэкстаў я цяпер рыхтую слоўнік уласных імёнаў і геаграфічных назваў Новага Запавету. Ён будзе таксама ўключаць сімфонію па перакладчыках, каб лёгка было пабачыць, як розныя аўтары перакладалі гэтае лексічнае кола. Гэта стане дапаможным матэрыялам для будучых перакладчыкаў, каб цяпер ужо не пачынаць усё з нуля.

І хоць такіх прыкладаў можна падаць нямала, усё ж гісторыя і традыцыя беларускіх біблійных перакладаў – толькі часткова распрацаваная тэма дагэтуль. Тут не аднаму даследчыку ёсць што пашукаць, пачытаць і прааналізаваць. Скарынаўская бібліятэка заўсёды будзе ключавой установай для такіх даследаванняў, яна – перліна ў мазаіцы беларускай біблеістыкі, цэлы пласт якой захаваўся тут: выданні Бобіча, Гадлеўскага, Татарыновіча, рукапісы Галяка, Станкевіча, Пятроўскага. Нават ранейшыя выданні Дзекуць-Малея, якія не захавалася ў Беларусі.  Бібліятэка ўнікальная: як толькі пачынаеш нешта шукаць тут, натыкаешся на нечаканыя матэрыялы з самых розных галінаў. Будзе цудоўна, калі Скарынаўка зможа і далей развіваць кантакты з установамі і даследчыкамі ў Беларусі, каб уводзіць нашы скарбы ў агульнабеларускі дыскурс.

Запісаў Ігар Іваноў

Апублікавана на сайце “Будзьма”.

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution 4.0 International License.