У Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане рэдагуюць Вікіпедыю і праводзяць заняткі з дзецьмі

Ігар Іваноў, ЗБС “Бацькаўшчына”

Дзве цікавыя падзеі адбыліся ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. У суботу, 12 сакавіка, там прайшоў Дзень на Вікіпедыі,  а на наступны дзень бібліятэка ўпершыню вітала дзяцей і бацькоў на сямейнай сустрэчы.

 Дзень на Вікіпедыі 2016

Дзень на Вікіпедыі быў задуманы як творчая і навучальная падзея: пісаць для Вікіпедыі пра Беларусь на любой мове ці па-беларуску – на любую тэму. Вікіпедыя сёння – адна з асноўных крыніцаў ведаў для вялікай колькасці людзей. Артыкулаў пра Беларусь ці па-беларуску там ужо нямала, але павінна быць яшчэ болей, а тыя, што напісаныя – пастаянна ўдасканальвацца. Арганізаваць Дзень на Вікіпедыі ў Скарынаўцы дапамог Міхаіл Волчак з мінскай суполкі Фаланстэр, якая за адну са сваіх мэтаў ставіць садзейнічаць асвойванню грамадствам адкрытых электронных тэхналогій.

Здымак Эко Прасэтыо

Здымак Эко Прасэтыо

На падзею ў самой бібліятэцы прыйшло сем чалавек і яшчэ тры далучыліся праз Скайп – з Англіі і Швецыі. Праграма складалася з воркшопа па рэдагаванні Вікіпедыі для пачаткоўцаў і ўласна напісання артыкулаў. Да сесіі ў Скайпе таксама далучылася з мінскага Фаланстэра Святлана Ермаковіч, якая распавяла пра сварэнне Вікі-дапаможніка, сродкі на выданне якога збіралі па ўсім беларускім свеце з дапамогай цяпер ужо папулярнага краўдфандынга. У выніку дапаможнік выйшаў друкам у двух варыянтах – класічным і акадэмічным правапісамі – гэтак жа як і беларуская Вікіпедыя, што існуе ў двух варыянтах. Першым быў апублікаваны артыкул пра Святлану Алексіевіч… па-інданезійску! А потым з’явілася яшчэ каля дзясятка матэрыялаў па-беларуску і англійску, у т.л. пра царкву Кірылы Тураўскага, што будуецца ў Лондане, і пра панятак публічнага сектара ў эканоміцы. Шэраг ужо створаных артыкулаў былі пашыраныя і абноўленыя, напр. пра Інстытут ядзерных даследванняў Сосны і беларускую дыяспару ў Вялікабрытаніі. Уся імпрэза атрымалася вясёлай і карыснай, яна дадала ведаў удзельнікам.

Вікі-дапаможнік

Здымак Эко Прасэтыо

Музеі і бібліятэкі па ўсім свеце ўдзельнічаюць у стварэнні зместу Вікіпедыі і праз гэта адкрываюць свету і папулярызуюць свае калекцыі. Для Скарынаўкі гэта была першая спроба такой працы і, падобра, не апошняй – ужо плануюцца наступныя падобныя імпрэзы.

Здымак Вольгі і Аляксандра Кузняцовых

Здымак Вольгі і Аляксандра Кузняцовых

А ў нядзелю, 13 сакавіка, бібліятэку запоўнілі дзеці з бацькамі, каб у вельмі вясёлай і дынамічнай атмасферы з чароўным ліхтарыкам павандраваць віртуальна па розных мясцінах Беларусі, шукаць іх, адгадваць, клеіць і маляваць… У выніку кожны стварыў сваю непаўторную мапу Беларусі.

Толькі што былі абвешчаны яшчэ дзве цікавыя падзеі ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане: 27 сакавіка тут пройдзе лекцыя выкладчыка ЕГУ Уладзіслава Іванова “Брэшамся і вульгарнічаем па-беларуску” пра традыцыйную табуяваную лексіку, а 14 красавіка – сустрэча з супрацоўнікамі Літаратурнага Дома “Логвінаў” – найбуйнешага прыватнага выдвецтва, якое спецыялізуецца на беларускамоўных кнігах.

Падрабязней пра гэта можна даведацца на сайце бібліятэкі skaryna.org.uk і ейнай старонцы ў Фэйсбуку https://www.facebook.com/skaryna.