Імя Заборава вядомае ў сьвеце найперш як жывапісца – ягоныя творы выстаўляліся ў музеях і галерэях Францыі, Японіі, Нямеччыны, Італіі. Але Беларусі, адкуль мастак зьехаў ва Францыю ў 45-гадовым узросьце, Забораў пакінуў адмысловую спадчыну – геніяльныя кніжныя ілюстрацыі твораў Купалы, Коласа, Барадуліна, Шэксьпіра, Ўайльда ды інш.
Імя Заборава асабліва дарагое наведвальнікам Скарынаўкі. Ён добра ведаў айца Аляксандра Надсана і празь яго ахвяраваў бібліятэцы шэраг сваіх графічных твораў .
У калекцыі Скарынаўкі знаходзяцца ягоныя “Радуніца” і “Маці” з аўтографамі, адбіткі ілюстрацыяў да зборніка “Выбраная лірыка” Янкі Купалы, а таксама шмат кніг, аформленых мастаком, у тым ліку шыкоўнае выданьне казак Оскара Ўайльда з мройнымі і вытанчанымі малюнкамі, у якіх пазнаецца ,стыль Заборава-жывапісца.
Праз 35 гадоў пасьля свайго ад’езду зь Беларусі, у інтэрвію для кампаніі “Будзьма беларусамі” мастак сказаў, што сваю Бацькаўшчыну носіць у сабе.
“Я прывязаны ўспамінамі аб зямлі, дзе нарадзіўся. Але гэта нельга назваць настальгіяй. І да таго ж я здзяйсняю кожны год прагулкі па родных мясцінах… ва ўяўленні. Я стаўлю на мальберт палатно і пішу хлеў, гумно, вясковы дом. Паверце, гэта дзівосныя лекі.”