АРБІС – АРХІЎ БЕЛАРУСКІХ ІНТЭРНЭТ-САЙТАЎ / ARBIS – ARCHIVE OF BELARUSIAN INTERNET SITES

На сённяшні дзень значная частка беларускага інтэрнэта знікае ў выніку таго, что людзі перастаюць падтрымліваць хостынг вэб-сайтаў. Часцей за ўсё сканчваюцца грошы, зачыняецца арганізацыя, альбо ў чалавека знікае інтерэс да падтрымкі сайтаў ці ён папросту памірае.

У выніку спадчына дыяспары і беларускага інтэрнэта наогул знікае. Праект АРБІС накіраваны на захаванне спадчыны дыяспары, а магчыма у будучыні больш шырокага кола сайтаў пра беларускую культуру, мову, гісторыю.

Ужо перанесена 12 сайтаў, звязаных з беларускай дыяспарай. Таксама маецца форма, якую можна запоўніць, каб пакінуць заяўку на архівацыю новых сайтаў, якая будзе магчыма пры наяўнасці сродкаў. Па ўсіх пытаннях пішыце на library@skaryna.org.uk

Наведаць старонку АРБІС – АРХІЎ БЕЛАРУСКІХ ІНТЭРНЭТ-САЙТАЎ


Today, much of the Belarusian Internet is disappearing as a result of people ceasing to host websites. Most often, money runs out, the organization closes, or a person loses interest in supporting sites or simply dies.

As a result, the legacy of the diaspora and the Belarusian Internet is disappearing altogether. The ARBIS project aims at preserving the heritage of the Belarusian diaspora, and possibly in the future a wider range of sites about Belarusian culture, language and history.

To date, 12 sites related to the Belarusian diaspora have been transferred. There is also a form that you can fill out to apply for archive new sites, which will be possible subject to additional funding. For any questions, email library@skaryna.org.uk

 

“Новы час”: Святло беларускай ліхтарні з Лондану

15 траўня 2021 года легендарная і фантазматычная бібліятэка-музей імя Скарыны ў Лондане, створаная беларусамі, што апынуліся ў Англіі, адзначае пяцідзесяцігоддзе. Гэта новае і дадатковае светлае свята для ўсіх мілоснікаў беларускай кнігі і мовы. Скарынаўка адаптуецца да сучаснасці і дасюль не саступае дыгіталізаванай кнізе, хавае сакрэты, якія дасюль час ад часу адкрываюцца наведвальнікамі і даследнікамі. Многія сакрэты дасюль не раскрытыя, а многія рукапісы яшчэ не надрукаваныя. А музей хавае як вядомыя, так і схаваныя ад публікі цікавыя і рэдкія артэфакты. Зрэшты, музей з’яўляецца незабыўным месцам памяці беларускай ды еўрапейскай культуры наагул.

Continue reading

50-годзьдзе Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны ў Лондане: Сьвяточны Зум-Этэр

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане адчынілася 15 траўня 1971г. і з таго часу сталася найбуйнейшым зборам беларусазнаўчай літаратуры за мяжой і знакавым месцам для беларусаў ва ўсім сьвеце. У дзень ейнага 50-годзьдзя мы зьбіраем за адным віртуальным сталом беларускіх і заходніх дасьледчыкаў, культурных і грамадзкіх дзеячоў, даўніх і новых сяброў Скарынаўкі, каб разам зірнуць на шлях, які прайшла бібліятэка, ацаніць ейны ўнёсак і падзяліцца ўспамінамі й планамі на будучыню.

У сьвяточным круглым стале пра зум, сярод іншых, бралі ўдзел Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратуразнаўца Арнольд Макмілін, выдавец Зьміцер Санько, гісторыкі Натальля Гардзіенка і Дарота Міхалюк. Вядучы – беларусазнаўца і перакладчык Джым Дынглі.

Далучайцеся да нас, каб пачуць пра гісторыю бібліятэкі з вуснаў яе заснавальнікаў, задаць пытаньні і падзяліцца развагамі, і разам з намі ўзьняць сьвяточны келіх!

Глядзець запіс этэру.

Даследчыца Інстытута мовазнаўства: Бібліятэка прапануе самую вялікую і значную ў З. Еўропе калекцыю пра Беларусь

Cтаршая навуковая супрацоўніца Інстытута мовазнаўства ў Мінску: “Бібліятэка прапануе самую вялікую і значную ў Заходняй Еўропе калекцыю публікацый, звязаных з Беларуссю”.

Continue reading

Забораў і Беларуская бібліятэка ў Лондане

20 студзеня 2021 памёр Барыс Забораў – вядомы беларускі і францускі мастак.
Барыс Забораў

Імя Заборава вядомае ў сьвеце найперш як жывапісца – ягоныя творы выстаўляліся ў музеях і галерэях Францыі, Японіі, Нямеччыны, Італіі. Але Беларусі, адкуль мастак зьехаў ва Францыю ў 45-гадовым узросьце, Забораў пакінуў адмысловую спадчыну – геніяльныя кніжныя ілюстрацыі твораў Купалы, Коласа, Барадуліна, Шэксьпіра, Ўайльда ды інш.

Сам мастак заўсёды хацеў займацца жывапісам, але ў ідэалагізаваных умовах савецкага грамадства мусіў перайсьці на кніжную графіку, якую сам уважаў не столькі мастацтвам, як “каментаром да тэксту”. Тым ня менш, непаўторныя ілюстрацыі Заборава сталіся сапраўдным скарбам беларускага мастацтва і кніжнай культуры.
 

Імя Заборава асабліва дарагое наведвальнікам Скарынаўкі. Ён добра ведаў айца Аляксандра Надсана і празь яго ахвяраваў бібліятэцы шэраг сваіх графічных твораў .

У калекцыі Скарынаўкі знаходзяцца ягоныя “Радуніца” і “Маці” з аўтографамі, адбіткі ілюстрацыяў да зборніка “Выбраная лірыка” Янкі Купалы, а таксама шмат кніг, аформленых мастаком, у тым ліку шыкоўнае выданьне казак Оскара Ўайльда з мройнымі і вытанчанымі малюнкамі, у якіх пазнаецца ,стыль Заборава-жывапісца.

Праз 35 гадоў пасьля свайго ад’езду зь Беларусі, у інтэрвію для кампаніі “Будзьма беларусамі” мастак сказаў, што сваю Бацькаўшчыну носіць у сабе.

“Я прывязаны ўспамінамі аб зямлі, дзе нарадзіўся. Але гэта нельга назваць настальгіяй. І да таго ж я здзяйсняю кожны год прагулкі па родных мясцінах… ва ўяўленні. Я стаўлю на мальберт палатно і пішу хлеў, гумно, вясковы дом. Паверце, гэта дзівосныя лекі.”
Барыс ЗабораўБарыс Забораў
Фільм Алега Лукашэвіча “Барыс Забораў. Доўгая дарога дадому” (2010) знаёміць з асобай і творчасьцю гэтага выбітнага беларускага мастака . Фільм на рускай мове, але цікава пачуць, як Забораў чытае па-беларуску зь ілюстраванага ім перакладу “Казкі пра цара Салтана” Пушкіна (ад 40:20) – кнігі, якую яму давялося ілюстраваць двойчы з-за ідэалагічнага перасьледу і адзін з варыянтаў якой ён стварыў у адным асобніку.
Караліна Мацкевіч 

Зборнікі “Годныя песні” і “Народны спеўнік” апублікаваныя на нашым сайце

Мы дадалі зборнікі песен “Годныя песні” і “Народны спеўнік” у архіў нашай бібліятэкі. Пампуйце іх тут

Харавы спеўнік «Годныя песні»

У зборнік «Годныя песні» ўвайшлі творы беларускіх аўтараў, у якіх адлюстравана любоў і павага да Радзімы. Творы, што абуджаюць патрыятычныя пачуцці і надаюць моцы. Сёння, як ніколі, варта вучыць дзяцей і дарослых беларускім песням, узгадоўваць культуру масавага спеву, адраджаць шматвекавую традыцыю беларускай харавой культуры.

 

Спеўнік з народнымі беларускімі песнямі «Народны спеўнік»

У спеўніку прадстаўлены адметныя і цікавыя ўзоры беларускай народнай творчасці (каляндарна-абрадавыя, пазаабрадавыя песні і балады), прыдатныя для сумеснага выканання. Кніга аздоблена нотамі.

Відэа Белсат пра беларускія месцы ў Лондане

Праграма “Беларускі свет”, што выходзіць на канале Белсат, падрыхтавала міні-фільм пра нашу бібліятэку, а таксама пра іншыя цікавыя беларускія месцы ў горадзе Лондане. 

Адзін з каментароў да відэа:

“Гэты маленькі музей пры царкве мае больш каштоўныя экспанаты, чым дзяржаўныя музеі (некаторыя) у Беларусі)”

Прафесар БДУ ў Лондане: адкрыцці гісторыі знешняй палітыкі Беларусі

Дзякуючы нашай праграме для даследчыкаў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Снапкоўскі прыехаў у Лондан з 7 лютага па 4 сакавіка 2018 г. Прамаючым бокам з’яўлялася Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны.

прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Снапкоўскі

Continue reading

Даследчык адшукаў у нашай бібліятэцы ўнікальныя фоты і лісты Магдалены Радзівіл

6 студзеня 1945 года ў швейцарскім Фрыбургу пайшла з жыцця вядомая беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл. Сёлета напярэдадні гэтай даты Алесь Сапега, лідар супольнасці беларусаў Швейцарыі, адправіўся ў Лондан, каб адшукаць арыгіналы перапісак княгіні і забытыя за часам здымкі.«У нас з кіраўніком беларускай дыпламатычнай місіі ў Швейцарыі была ідэя зрабіць фотавыставу, прысвечаную Марыі Магдалене Радзівіл, — распавядае Алесь Сапега. — Мне раней сябар Анатоль Міхнавец прэзентаваў кнігу Аляксандра Надсана пра Магдалену «Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі». Пачаў чытаць і даведаўся, што лісты, якія я так марыў знайсці, ёсць у архівах бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Я пазваніў беларускаму святару Сяргею Стасевічу, які там цяпер знаходзіцца, і запытаўся, ці сапраўды ў архівах ёсць матэрыялы па Магдалене, яе ліставанні? Ён сказаў, што нешта дакладна ёсць, але што менавіта — не ведае, трэба глядзець. Тады я спытаў: «Калі прыеду, вы мне пакажаце архівы? Дазволіце ў іх сядзець?» На што айцец Стасевіч адказаў: «Канечне, прыязджай. Дазволім зрабіць копіі і, можа, дамо нейкія арыгіналы для выставы».

Continue reading

Вадзім Шклярык: мае адкрыцці ў бібліятэцы Скарыны

Згодна з ацэнкай Ігара Іванова, былога сакратара Апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, кніжная калекцыя гэтай установы налічвае каля 30 000 выданняў. Па прычыне адсутнасці ў бібліятэцы каталога (нават папяровага, хоць аўтар кнігі «Беларусы ў Вялікабрытаніі» Наталля Гардзіенка сцвярджае, што ўласны каталог бібліятэка мела [2, с. 437]) даследчыкі беларушчыны вымушаны праводзіць, што называецца, выведку боем — прыязджаць у Лондан і шукаць неабходныя матэрыялы на месцы.

Дзеля таго каб ацаніць мовазнаўчую частку кніжнай калекцыі ўстановы, два тыдні свайго ліпеньскага адпачынку я правёў на Холдэн Роўд, 37 (падаць заяўку на правядзенне навуковага даследавання ў бібліятэцы можна тут). Фонды бібліятэкі — гэта не толькі кнігі (у тым ліку энцыклапедыі, даведнікі, манаграфіі, слоўнікі, зборнікі артыкулаў, атласы, альбомы), але і перыёдыка і архівы, якія па меры магчымасці я таксама пастараўся прагледзець.

Кнігі

Храналагічныя рамкі багатай кніжнай калекцыі па беларускім мовазнаўстве, што захоўваецца ў бібліятэцы, ацаніць складана, аднак у фондах яўна бракуе выданняў апошніх гадоў. Гэта тлумачыцца як немалой адлегласцю паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, так і тым, што павелічэнне колькасці кніг не з’яўляецца сёння прыярытэтнай задачай установы. Тым не менш выдадзены, напрыклад, у 2003—2010 гадах 6-томны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» прадстаўлены тут поўнасцю, пры тым што апошнія яго тамы ў продаж нават не паступалі. Дарэчы, адной са свежых мовазнаўчых прац у фондах бібліятэкі стала прывезеная мной з Мінска па просьбе шаноўных аўтараў кніга «Мовазнаўцы» (2017):

Што да выданняў з ліку першых у гісторыі беларускай лінгвістыкі, то ў бібліятэцы ёсць «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія» Івана Насовіча (1870), праца «Бѣлоруссы» Яўхіма Карскага (пачатак XX ст.), «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча (1918 і пазнейшыя выданні), граматыкі, даведнікі па правапісе і слоўнікі 20-х гадоў і інш. Прычым уражвае часта ідэальны стан гэтых кніг, што сведчыць пра далікатна-паважлівае стаўленне да іх з боку карыстальнікаў.

Мовазнаўчых прац, якія не атрымалася адшукаць у электронных каталогах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, у фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны няшмат:

1) Zur Loye Hans “Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern” («Моўны дапаможнік для зносін з беларускімі сялянамі») (Берлін, 1942, копія). Гэтае выданне на пачатку 2000-х было дэталёва прааналізавана беларускай даследчыцай Кацярынай Любецкай. Вось невялікая цытата з адпаведнай працы: «Перакладны даведнiк маленькага фармату i сваiмі памерамі нагадвае сучасныя кiшэнныя слоўнiкi. Кожная старонка лексiкону падзелена на тры калонкi. У першай з iх пададзена нямецкае рэестравае слова, у другой — беларускi адпаведнiк, запiсаны кiрылiцай, i ў трэцяй — беларускi эквiвалент на лацiнцы. Калонкi раздзелены памiж сабой тлустымi вертыкальнымi лiнiямi.

Перакладны даведнiк складаецца з дзвюх частак. У першай з iх словы згрупаваны вакол 23 тэм, у другой — лексiчны матэрыял разбiты на 8 тэм. На 50 старонках слоўнiка даецца пераклад 1173 рэестравых слоў, у склад якiх уключаны i пераклад загалоўкаў» [3, с. 53—54].

2) Яновіч Яраслаў «Унутранае адчуванне мовы (Занатоўкі да справы беларускага правапісу)» (Беласток, 1981). Брашура змяшчае крытычныя заўвагі адносна «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959) і «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977—1984).

3) Carcas George “A Concise Grammar of Byelorussian” («Кароткая граматыка беларускай мовы») (Понтыпрыд, 1995). Праца прысвечана разбору граматычных асаблівасцей беларускай мовы. У канцы кнігі прыводзіцца невялікі беларуска-англійскі слоўнік.

З ліку малавядомых мовазнаўчых выданняў, якія, тым не менш, прадстаўлены ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адзначу брашуру Л. Іскры (псеўданім а. Льва Гарошкі) «Своеасаблівасці беларускай мовы ў параўнанні да суседніх славянскіх моў» (Парыж, 1951), брашуру Антона Даніловіча «Падкашнічак (З нататак пра мову)» (Саўт-Рывер, 1985), а таксама «Слоўнік сваяцтва», складзены мітрапалітам Мікалаем (Таронта, 1992).

Перыёдыка

Мовазнаўчая перыёдыка, якая выдавалася і выдаецца ў Беларусі, прадстаўлена ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны наступнымі пазіцыямі:

«Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР», выпускі 1—8 (камплект); «Беларуская лінгвістыка», выпускі 1—42, 44, 45, 49. Улічваючы, што сёлета выйдзе ўжо 79 выпуск часопіса, а ў інтэрнэце даступны толькі тры з іх (65—67), шукаць выпускі «Беларускай лінгвістыкі» за два апошнія дзесяцігоддзі чытачам бібліятэкі прыйдзецца ў іншым месцы.

«Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук», нумары 1956—2011 гадоў выдання. З 2009 года нумары часопіса рэгулярна змяшчаюцца ў інтэрнэце.

«Веснік БДУ. Серыя 4», нумары 1971—2006 гадоў выдання. Нумары 2008—2016 гадоў выдання прадстаўлены ў інтэрнэце. Навуковых часопісаў іншых беларускіх універсітэтаў у фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны няма.

«Беларуская мова і мовазнаўства», выпускі 1—4; «Беларуская мова», выпускі 5—20. Не стае выпускаў 22—24, якія выдаваліся ў Гомелі (выпуск 21 памылкова прапушчаны і не выдаваўся). У інтэрнэце не змяшчаліся.

«Беларуская мова і літаратура ў школе», выпускі 1988—1991 гадоў выдання (камплект); «Роднае слова», выпускі 1992—2006 гадоў выдання (за выключэннем асобных выпускаў). У інтэрнэце выкладзены толькі наступныя выпускі: 4/2010 — 12/2011 (за выключэннем 11/2010).

Аднак найбольшую цікавасць уяўляе прадстаўленая ў фондах Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны эміграцыйная перыёдыка, на старонках якой таксама можна знайсці публікацыі на мовазнаўчую тэматыку. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, натуральна, прадстаўлены далёка не ўсе такія выданні. Па зразумелых прычынах адпаведныя матэрыялы не адлюстраваны таксама і ў чатырох выпусках бібліяграфічнага паказальніка «Беларускае мовазнаўства».

З публікацый у эміграцыйнай прэсе можна даведацца, напрыклад, пра такую з’яву ў беларускай мове, як «зюканне» (часопіс «Беларус на чужыне»), прачытаць пра ўплывы нашай мовы на польскую (часопіс «Сакавік»), азнаёміцца з палемікай адносна ўжывання ў беларускай мове слоў «спадар», «гаспадар» і іншых форм звароту да асобы (часопісы «Аб’еднаньне», «На варце», «Голас часу»), прагледзець шматлікія нататкі пра культуру мовы (часопісы «Барацьба», «Шыпшына», «Віці», газеты «Бацькаўшчына», «Беларус»). На старонках эміграцыйнай перыёдыкі апублікаваны таксама матэрыялы пра беларускіх вучоных-мовазнаўцаў Пятра Бузука, Адама Варлыгу (псеўданім Язэпа Гладкага), Янку Бялькевіча, рэцэнзіі на «Русско-белорусский словарь» (1953), «Дыялектны слоўнік» (1966) і кнігу «Слова за слова» (1977) Георгія Юрчанкі, на зборнік «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі» (1958) і «Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці» (1977) Яўгена Рапановіча і інш.

Архівы

Дастаткова падрабязнае апісанне архіваў, якія захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны, зроблена беларускай даследчыцай Наталляй Гардзіенка [1]. Сярод прадстаўленых у адпаведнай публікацыі матэрыялаў некаторыя мовазнаўчыя пазіцыі ўтрымлівае толькі архіў а. Льва Гарошкі. Распішу іх больш дэталёва.

Папка «Слоўнік лацінска-грэцкі-стар.сл.-беларускі» змяшчае:

• тытульны ліст, на якім, акрамя аўтарства, указана «Лаціна-грэка-царкоўнаславянска-беларускі і беларуска-лацінскі рэлігійны слоўнік (Рым, 1959)»;

• машынапісны ўступ з рукапіснымі праўкамі;

• машынапісныя старонкі беларуска-лацінскага слоўніка;

• рукапісныя старонкі лацінска-грэцка-царкоўнаславянска-беларускага слоўніка.

Папка «Беларуска-ангельска-італійsкі слоўнік» утрымлівае машынапісны алфавітны спіс беларускіх слоў з рукапіснымі ўстаўкамі (нумар апошняй старонкі — 391). Рукапісны пераклад на англійскую і італьянскую мову пададзены толькі да першых дзесяці слоў (а — абавязковы).

[Па інфармацыі Уладзіслава Гарбацкага, працаваў а. Леў Гарошка і над беларуска-французскім і французска-беларускім слоўнікам на 22 тысячы слоў, аднак на сёння гэтая праца не знойдзена «ані ў архівах святара ў лонданскай Скарынаўцы, ані ў іншых патэнцыйных сховах беларускай дыяспарнай кніжнай спадчыны (Парыж, Нью-Ёрк)»].

У архіве а. Льва Гарошкі захоўваюцца таксама чатыры (Наталля Гардзіенка ўказвае толькі два) машынапісныя асобнікі «Зборніка беларускіх народных прыказкаў і прымаўкаў», якія маюць розны аб’ём. Нумары апошніх старонак у гэтых асобніках — 382, 67, 131, 67.

Яшчэ архіў а. Льва Гарошкі змяшчае не адзначаныя Наталляй Гардзіенка машынапісныя «Абавязваючыя карныя правілы для беларускіх судоў у Гэнэральным камісарыяце Беларусі апрацаваныя юрыдычным аддзелам Гэнэральнага камісарыяту Беларусі. Менск, 1943 г. [выпраўлена на 1944 г.]». Дакумент уяўляе сабой паралельны пераклад нямецкамоўных параграфаў на беларускую мову. Маюцца рукапісныя праўкі (мяркуючы па почырку — розных асоб). У якасці перакладчыка ўказаны Леанід Галяк — беларускі грамадскі дзеяч на Захадзе, які падчас нямецкай акупацыі працаваў юрыстам у Мінску [2, с. 431, заўвага].

Па-за архівам а. Льва Гарошкі знайшліся матэрыялы «Беларуска-англійскага слоўніка», якія ў публікацыі Наталлі Гардзіенка таксама не згадваюцца. Слоўнік уяўляе сабой машынапісны алфавітны спіс беларускіх слоў з рукапісным перакладам невялікай іх часткі (аб — абмяжоўваць) на англійскую мову. Нумар апошняй старонкі машынапісу — 273, апошняе слова на гэтай старонцы — ласы.

Па інфармацыі а. Сяргея Стасевіча, рукапісны пераклад, мяркуючы па почырку, зроблены а. Аляксандрам Надсанам. Гэтыя матэрыялы дапоўнены машынапіснымі выпіскамі слоў і іх перакладам на англійскую мову з твораў Сцяпана Александровіча, Змітрака Бядулі, Якуба Коласа і, верагодна, іншых пісьменнікаў.

Акрамя таго, у зале перыёдыкі Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны захоўваюцца дзве скрыні невялікіх картак, складзеных у алфавітным парадку. Кожная картка змяшчае беларускае слова з граматычнымі паметамі, маюцца адсылачныя карткі. Мяркуючы па ўсім, гэта рабочыя матэрыялы для нейкага перакладнога слоўніка.

Натуральна, апісаным вышэй мовазнаўчая частка фондаў Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны не вычэрпваецца. Азнаёміцца абсалютна з усімі матэрыяламі ўстановы, якія захоўваюцца ў розных пакоях і не заўсёды ў строгім алфавітным і тэматычным парадку, за два тыдні нерэальна. Адзначыў толькі тое, што стала адкрыццём асабіста для мяне, падалося вартым апублікавання. Упэўнены, іншыя даследчыкі, у тым ліку калегі-лінгвісты, знойдуць на Холдэн Роўд, 37, яшчэ не адну цікавую рэч.

Літаратура

  1. Гардзіенка, Н. Архівы Беларускай бібліятэкі й музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане / Н. Гардзіенка // Запісы БІНІМ. — 2008. — Т. 31. — С. 73—100.
  2. Гардзіенка, Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Н. Гардзіенка ; пад. рэд. А. Гардзіенкі. — Мінск : Медысонт, 2010. — 620 с. — (Серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны» ; кн. 18).
  3. Любецкая, К. З гісторыі нямецка-беларускай, беларуска-нямецкай лексікаграфіі і тэрмінаграфіі / К. Любецкая ; навук. рэд. Г. Цыхун. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 2002. — 132 с. — (Серыя «Беларуская тэрміналогія» ; вып. 2).

Аўтар Вадзім Шклярык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Philology.by