Уладзіслаў Гарбацкі
Апублiкавана ў газеце “Новы час”
Скарынаўка вабіць многіх, запрашае адзінкі і хавае ў сваіх сховах прыемныя, нечаканыя, хачу верыць, шматлікія таямніцы. Пакуль магу і вельмі хачу падзяліцца адной з іх. Таямніца, якая, няма сумневу, шармуе ўсіх і адкрые яшчэ адзін невядомы і таленавіты бок нашай дыяспары.
Увесну 2015 года, якраз у той самы дзень, калі памёр Аляксандр Надсан, у Скарынаўцы ў адным са сховаў (бельгійскія архівы-корабы дыяспары) я выпадкова натрапіў на друкапіс, ледзь прыкметна аздоблены «Jean et Jacques ou le faux paradis» par (закрэслена) N. Niva. Спачатку я падумаў, што гэта нейкая справаздача беларусаў паваеннай Бельгіі, але, пачаўшы чытаць і натрапіўшы на мастацкі стыль, на беларускія імёны герояў і мясцовасцяў, я зразумеў, што маю справу з раманам ці аповесцю. З мастацкім тэкстам пра Беларусь, пра аднаго беларуса, пра трагічны лёс беларускай сям’і ў камуністычнай даваеннай Беларусі.